ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,

тып гандлёвых збудаванняў, якія складаюцца з шэрагу крам, злучаных у суцэльны корпус. У Зах. Еўропе пашыраны з часоў сталага сярэднявечча (Брэмен, Кракаў, Прага), у Расіі — у 17—19 ст. (Кастрама, Яраслаўль) у стылі класіцызму. На Беларусі вядомыя з 16 ст. Будавалі з цэглы, радзей з дрэва, пераважна ў гарадах і мястэчках. Замкнёныя гандлёвыя рады ўтваралі прамавугольную ці квадратную ў плане гандлёвую плошчу (у Полацку, Шклове, Брэсце, Антопалі, Паставах), П-падобныя аб’ядноўваліся з ратушамі (Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У гэтым выявіліся рысы архітэктуры барока. У 2-й пал. 18—19 ст. сфарміраваліся гандлёвыя рады, вырашаныя аднарадным пагонам у цэнтры плошчы, з двухбаковай арыентацыяй крам (у Пружанах), Т-падобныя і двухрадковыя, якія ўтваралі гандлёвую вуліцу (у Пінску). Іх фасады часта аздаблялі галерэямі і аркадамі. Найбольшыя манум. гандлёвыя рады, якія апроч гандл. і складскіх уключалі адм.-грамадскія памяшканні і пабудовы, названыя гасцінымі дварамі.

Ю.А.Якімовіч.

т. 5, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)